АЛЯХНО́ВІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
паўн.-зах. частка Радашковіцкага ўзвышша, у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Абмежавана далінамі рэк Бярэзіна (прыток Нёмана) на ПдЗ, Уша (прыток Віліі) на Пн і Нарачана-Вілейскай нізінай на У. Комплекс градава-ўзгорыстага, дробна- і сярэднеўзгорыстага (выш. да 313 м на ПнЗ) марэннага рэльефу. Глыбіня эразійнага расчлянення рэльефу да 10—20 м. Ускраіны ўзвышша маюць стромкія схілы ў бок рачных далін і нізіны. Складаецца з марэнных суглінкаў і супескаў, перакрытых лёсападобнымі пародамі невял. магутнасці. Большая частка Аляхновіцкага ўзвышша разарана. Хмызнякі і лясы (ялова-дубова-хваёвыя групоўкі) захаваліся на схілах узвышша.
Л.А.Нічыпарэнка.
т. 1, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)